Школьны этнаграфічны музей "Музей беларускага побыту"

Сустрэчы з мінулым

У нашай школе вось ужо больш за дваццаць гадоў дзейнічае музей беларускага побыту, наведвальнікі якога маюць магчымасць зазірнуць у мінулае, адчуць подых гісторыі. Музейная экспазіцыя складаецца з дзвюх залаў: “Хата нашых продкаў” і “Сялянскі побыт, рамёствы”.

Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю тады, калі дзеці пераступаюць парог музея. Наведвальнікам хочацца душой і сэрцам адчуць спадчыну свайго народа, даведацца, як жылі іх продкі.

У зале “Хата нашых продкаў” вучні  адчуваюць, што трапілі ў звычайную сялянскую хату першай паловы ХХ стагоддзя. Экспанаты  музея  авеяны цеплынёй вясковага дома, нагадваюць пра вясковы побыт продкаў, выклікаюць жаданне слухаць  аповед пра іх жыццё.

На покуці хаты-музея – абразы, а каля драўлянага ложка, засцеленага саматканай посцілкай, падвешана калыска для немаўляці. На падлозе – падножнікі, якіх нашы продкі не шкадавалі для аздаблення свайго жытла.

Кросны, або ручны ткацкі станок, таксама займаюць пачэснае месца. Гэта прылада апранала ўсю сям’ю, добраўпарадкоўвала ўсю хату. Выклікаюць вялікую цікавасць у вучняў сціплыя лапці і ўзоры жаночага адзення.

 

Значнае месца ў музеі  займаюць тканыя і вышываныя ручнікі. Загадкавыя чырвона-белыя фігуркі, рознакаляровыя кветкі і розныя птушкі на белым палатне зачароўваюць дзіцячыя сэрцы.  

    

У другой экспазіцыйнай зале знаходзяцца прылады працы, бандарныя вырабы. Адпачываюць каля сцяны прасніца і калаўрот, аб нечым мроіць ступа з таўкачамі.   Безумоўна, яны пацямнелі ад часу, але юныя наведвальнікі  з цікавасцю разглядаюць іх, імкнуцца дакрануцца, распытваюць.

    

Ніхто з наведвальнікаў музея не застаецца абыякавым. Кожнага кранае сустрэча з мінулым.

    

Такім чынам, работа школьнага этнаграфічнага музея садзейнічае духоўнаму росту асобы вучняў, развіццю маральных і патрыятычных якасцей.

  

    Кіраўнік музея, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Варанецкая І.В.

поделиться в: