Сустрэчы з мінулым
У нашай школе вось ужо больш за дваццаць гадоў дзейнічае музей беларускага побыту, наведвальнікі якога маюць магчымасць зазірнуць у мінулае, адчуць подых гісторыі. Музейная экспазіцыя складаецца з дзвюх залаў: “Хата нашых продкаў” і “Сялянскі побыт, рамёствы”.
Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю тады, калі дзеці пераступаюць парог музея. Наведвальнікам хочацца душой і сэрцам адчуць спадчыну свайго народа, даведацца, як жылі іх продкі.
У зале “Хата нашых продкаў” вучні адчуваюць, што трапілі ў звычайную сялянскую хату першай паловы ХХ стагоддзя. Экспанаты музея авеяны цеплынёй вясковага дома, нагадваюць пра вясковы побыт продкаў, выклікаюць жаданне слухаць аповед пра іх жыццё.
На покуці хаты-музея – абразы, а каля драўлянага ложка, засцеленага саматканай посцілкай, падвешана калыска для немаўляці. На падлозе – падножнікі, якіх нашы продкі не шкадавалі для аздаблення свайго жытла.
Кросны, або ручны ткацкі станок, таксама займаюць пачэснае месца. Гэта прылада апранала ўсю сям’ю, добраўпарадкоўвала ўсю хату. Выклікаюць вялікую цікавасць у вучняў сціплыя лапці і ўзоры жаночага адзення.
Значнае месца ў музеі займаюць тканыя і вышываныя ручнікі. Загадкавыя чырвона-белыя фігуркі, рознакаляровыя кветкі і розныя птушкі на белым палатне зачароўваюць дзіцячыя сэрцы.
У другой экспазіцыйнай зале знаходзяцца прылады працы, бандарныя вырабы. Адпачываюць каля сцяны прасніца і калаўрот, аб нечым мроіць ступа з таўкачамі. Безумоўна, яны пацямнелі ад часу, але юныя наведвальнікі з цікавасцю разглядаюць іх, імкнуцца дакрануцца, распытваюць.
Ніхто з наведвальнікаў музея не застаецца абыякавым. Кожнага кранае сустрэча з мінулым.
Такім чынам, работа школьнага этнаграфічнага музея садзейнічае духоўнаму росту асобы вучняў, развіццю маральных і патрыятычных якасцей.
Кіраўнік музея, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Варанецкая І.В.